Работу ў сферы культуры можна назваць самаадданай, бо па сутнасці справы, калі асноўная маса людзей адпачывае, наведвае канцэрты, масавыя гулянні, работнікі культуры імкнуцца стварыць святочную атмасферу і зарадзіць як мага больш людзей прыемнымі эмоцыямі.
У мінулым годзе калектыў раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці папоўніўся таленавітымі маладымі спецыялістамі. Сярод іх і рэжысёр Святлана Маліноўская.
За такі непрацяглы час працы ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці дзяўчына ўжо паспела зарэкамендаваць сябе крэатыўнай, па-сапраўднаму творчай і здольнай да нагрузак. Яно і не дзіўна, бо да працы ў Мсціславе С. Маліноўская лічыла, што ў раённым гарадку будзе мернае жыццё, але калі акунулася ў будні РЦКіНТ, то пераканалася, што працы тут шмат. Менавіта насычаная дзейнасць, па словах Святланы, прамым чынам уплывае на павышэнне прафесійнага ўзроўню і не дае засумаваць.
Распавядаючы пра свае ўражанні, С. Маліноўская адзначыла, што пасля працаўладкавання яна была добра сустрэта калектывам. Таксама вельмі спадабаўся арганізацыйны ўзровень падрыхтоўкі да мерапрыемстваў. Так павінна быць усюды, але адметнай рысай раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці з’яўляецца дружалюбны і згуртаваны калектыў. Гэта можа быць звязана і з тым, што тут працуе шмат моладзі, якой уласцівы калектывізм і дачыненне да агульнай справы.
Як адзначае Святлана, на практыцы падчас падрыхтоўкі і правядзення чарговай канцэртнай праграмы задзейнічаны практычна ўсе работнікі культуры, таму кожны ўносіць сваю лепту ў падрыхтоўку да мерапрыемства.
На маё пытанне, чаму Святлана абрала прафесію рэжысёра, звязала сваё жыццё са сферай культуры, дзяўчына ўсміхнулася, а затым прызналася, што хацела з дзяцінства выступаць на сцэне. Яна нарадзілася і вырасла ў сям’і, дзе да народнай творчасці і музыкі адносяцца паважліва. Маці Святланы Таццяна Леанідаўна доўгія гады працуе настаўнікам па класу баяна ў філіяле ДУА «Мсціслаўская дзіцячая школа мастацтваў імя М. Чуркіна», што знаходзіцца ў аграгарадку Ходасы. І гэта таксама паўплывала на выбар будучай прафесіі. Пасля заканчэння школы С. Маліноўская паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў на аддзяленне народнай творчасці «Рэжысура народных святаў і абрадаў». А пасля трох гадоў навучання, па размеркаванню, прыйшла на працу ў раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці.
Г.Папова