Наладкі
Наладкі шрыфта
Arial
Times New Roman
Памер шрыфта
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Паменшаны
Стандартны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Мсціслаўскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну
20 чэрвеня 2022

Найлепшых медработнікаў Магілёўскай вобласці ўшаноўвалі ў абласным цэнтры

Найлепшых медработнікаў і ветэранаў аховы здароўя Магілёўскай вобласці ўшаноўвалі сёння ў Палацы культуры вобласці ў Магілёве.

Больш за 60 прафесіяналаў атрымалі сёння падзяку прэм’ер-міністра і міністра аховы здароўя, падзякі і ганаровыя граматы Міністэрства аховы здароўя, аблвыканкама, гарвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, ЦК прафсаюза работнікаў аховы здароўя, нагрудныя знакі «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь», падзячныя лісты.

Напярэдадні прафесійнага свята прысутных павіншаваў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

«Я хачу падзякаваць кожнаму з вас за вашу працу, за тыя поспехі, якія ёсць у аховы здароўя Магілёўскай вобласці. Гэта і самая нізкая дзіцячая смяротнасць, самая нізкая смяротнасць сярод працаздольнага насельніцтва. Гэта карпатлівая і штодзённая праца, — адзначыў Валерый Малашка. — Вельмі важна, што кіраўніцтва вобласці працягвае працу па мадэрнізацыі ўстаноў аховы здароўя. Працягваецца рэканструкцыя Слаўгарадскай ЦРБ, будуем інфекцыйны корпус Магілёўскай бальніцы № 1. Я спадзяюся, што ўжо ў снежні гэтага года мы ўвядзём у эксплуатацыю новы корпус Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера. Міністэрства аховы здароўя абяцала нам дапамагчы медыцынскім абсталяваннем. Напярэдадні прафесійнага свята жадаю ўсім дабрабыту, здароўя кожнаму з вас, вашым сем’ям і калектывам».

Павіншаваць медыкаў Магілёўскай вобласці прыехаў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Аляксей Шчарбінскі. «Магілёў і Магілёўская вобласць адрозніваюцца ад іншых раёнаў і абласцей нашай краіны. У першую чаргу гэта тычыцца паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. У мінулым годзе пачаў працаваць маштабны кардыялагічны і кардыяхірургічны карпусы на базе абласной клінічнай бальніцы. Сёлета мы плануем пашырэнне Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера, увядзенне ў эксплуатацыю інфекцыйнага корпуса Магілёўскай бальніцы № 1. Тры такія моцныя і знакавыя аб’екты, якія актуальныя на сённяшні дзень. У гэтым плане Магілёў выгадна адрозніваецца і дэманструе поспехі, — падкрэсліў ён. — Немалаважна, што ўсё гэта становіцца магчымым дзякуючы мясцовай выканаўчай уладзе. Вялікую ўвагу сферы аховы здароўя надае старшыня аблвыканкама: раней Леанід Заяц, зараз — Анатоль Ісачанка. І за гэта хочацца сказаць ім асобнае дзякуй».

Па словах Аляксея Шчарбінскага, зараз па ўсёй краіне ў ахове здароўя ідзе аптымізацыя, павышаецца якасць медыцынскай дапамогі. «Аптымізацыя тычыцца арганізацыі і даступнасці медыцынскай дапамогі і ні ў якім разе не закранае кадравыя рэсурсы. Урачы, малодшы медперсанал павінны заставацца на сваіх працоўных месцах, атрымліваць годную заработную плату, — падкрэсліў ён. — Дадатковым момантам з’яўляецца стварэнне не толькі ў Магілёўскай вобласці, але і па ўсёй рэспубліцы буйных высокатэхналагічных міжраённых цэнтраў, якія шмат у чым змогуць замяшчаць звыклыя абласныя ці нават рэспубліканскія ўстановы».

Акрамя ўручэння заслужаных узнагарод, для ўдзельнікаў мерапрыемства падрыхтавалі святочны канцэрт. Адным з яркіх і нечаканых нумароў стала выступленне сям’і загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы Уладзіміра Дудко. Сёння ва ўрачыстай абстаноўцы яму ўручылі падзяку прэм’ер-міністра. «Вядома, каранавірусная інфекцыя дадала нам клопатаў. Улічваючы маю спецыяльнасць, я ўжо амаль 25 гадоў працую ў гэтай сферы, магу сказаць, што сутнасць нашай працы — самыя цяжкія пацыенты. Гэта экстраная медыцына. Таму нават з кавідам была наша звычайная праца. Сышоў кавід — на яго месца прыйдзе нешта іншае, на жаль, такія сучасныя рэаліі. Але мы будзем працягваць таксама доблесна змагацца за жыццё і здароўе кожнага чалавека, — падзяліўся Уладзімір Дудко. — Я хачу пажадаць усім грамадзянам быць сацыяльна адказнымі за сваё здароўе, сваіх дзяцей і блізкіх. І тады жыццё наша будзе паляпшацца».

mogilev-region.gov.by

Да спіса навін