• чч
  •   
  • сс
Главная / Новости

Упэўненасць, вывераная гадамі жыцця

01.08.2015

Дзевяты дзесятак размяняла ў сваім жыцці адна са старэйшых жыхарак вёскі Вялікая Лешчанка Тамара Канстанцінаўна Дзянісава — па мужу Пазднякова. Доўгае жыццё жыве чалавек, нават не можа дакладна падзяліць яго на тыя своеасаблівыя перыяды, якія характарызуюць яго асноўныя моманты.

Першы перыяд — гэта шчаслівае дзяцінства, звязанае з бесклапотным жыццём у іх тады вялікай і мнагалюднай вёсцы. Яна была старэйшай дзяўчынкай у сям’і, у якой акрамя яе раслі браты. Бацькі былі простыя калгасныя працаўнікі, заняты звычайнай вясковай працай. Да яе прызвычайвалася і сама Тамара. Ужо добра магла і жывёлу дагледзець, і ўсю працу ў агародзе выконвала, бо гэта была асноўная крыніца дабрабыту сям’і. А з восені да вясны дзеці хадзілі ў школу. Яна была ў суседняй вёсцы, у Чырвонай Горцы. Вучыцца ў школе было цікава і займальна. І школьныя прадметы лёгка даваліся Тамарцы. Вось толькі скончыць ёй давялося ўсяго 7 класаў.

У 41-м годзе планы і задумы ўсіх жыхароў вёскі, іх спадзяванні былі перакрэслены вераломным нападам гітлераўскай Германіі. Рэзкія перамены ў жыцці адбыліся адразу, як толькі вёска была акупіравана фашыстамі. Сцішылася вёска, жыццё ў ёй пайшло па іншых законах, якія дыктаваліся і строга кантраляваліся акупацыйнымі ўладамі. Ды і ў сям’і Дзянісавых адбыліся рэзкія змены. На фронт быў пры-званы бацька, мабілізаваны быў старэйшы брат. Аб іх лёсе даведаліся толькі пасля вайны. Прыйшла вестка аб палоне бацькі, а Валодзя загінуў. Пра абставіны яго смерці апавядаў адзін вясковец. На жаль, дакладных падрабязнасцей не ведаў і ён.

А жыццё ў вёсцы было напоўнена страхам, у поў-най меры якога хапіла і на лёс Тамары Канстанцінаўны.

Было гэта перад самым вызваленнем, восенню 1943 года. Вяскоўцы, пакінуўшы ўсю сваю маёмасць ва ўцалелых хатах, ратаваліся ад чужаземцаў у вялізных лясных рвах, якія пачыналіся адразу за вёскай. Туды фашысты не паказваліся, баяліся помсты партызан. Але ж і вяскоўцаў цягнула да жытла, бо спраў усялякіх хапала.

Вось аднаго разу наважылася Тамара заглянуць у вёску. Вельмі яе непакоіў лёс пакінутай гаспадаркі. Асабліва распарасіўшыхся парасят. І, нягледзячы на адгаворкі маці, дзяўчына непрыкметна прабралася ў вёску, але як толькі наважылася яе пакінуць, была заўважана фашыстамі.

Да драбніц знаёмым рэчышчам Серабранкі яна кінулася на ўцёкі. Яе не магло ўжо спыніць і гартаннае «хальт», над ёй праляцелі кулі аўтаматнай чаргі. Тамара спатыкнулася, тварам упала ў ваду, і ў гэты момант яшчэ адна аўтаматная чарга была выпушчана па дзяўчыне. На яе галаву ўпалі толькі рэшткі сбітай травы і пясок. Падняцца ізноў азначала верную смерць і Тамара, як толькі магла, папаўзла па ўзмучанай ручаіне. Спіной яна адчула і трэцюю аўтаматную чаргу. Аўтаматчык, не бачачы ўзнімаючайся постаці, палічыў справу завершанай. А дзяўчына праз нейкі час, уся дрыжачая, паўстала перад маці.

— А я цябе, дочанька, ужо пахавала, — толькі і прамовіла тая, хаваючы ў сабе горкія слёзы.

Па вызваленні, Тамара ў школу больш не пайшла. Трэба было ўзнаўляць спаленае, налажваць гаспадарку. І яна, нароўні з усімі, узялася за недзіцячую працу. Сказаць, што жылося цяжка — значыць, не сказаць нічога. А тут яшчэ напаткала гора. Раптоўна памерла маці і ўсе жыццёвыя клопаты ляглі на плечы Тамары.

Адной абнадзейваючай і радаснай падзеяй было вяртанне ў вёску франтавікоў. Яшчэ да Дня Перамогі ў вёсцы з’явіўся ўвесь паранены сусед Іван. Гэта была радасная падзея для ўсёй вёскі, не хаваў сваёй радасці ад сустрэчы з землякамі і малады мужчына. Пабачыўшы пасталелую, прыгожую Тамару, ён не стрымаўся:

— Якой дарослай і прыгожай ты стала, Тамарка, — у захапленні вымавіў той. — Пра такую, мне здаецца, я ўсё жыццё марыў.

Пра сваты, якія неўзабаве адбыліся, можна цяпер толькі ўсміхацца. Свежыя агуркі ды луста хлеба, і калі б не шматок сала, захаваны гаспадарлівай Тамарай, наўрад ці можна было лічыць святочнай тую падзею.

Але гэта было шчаслівае жыццё. Вось што ўспамінае Тамара Канстанцінаўна:

— У хату да свайго мужа я прыйшла дзевятай душой. І ў іх нічога не было, але да мяне ставіліся з павагай і клопатам, кожны стараўся чымсьці дапамагчы. Пра сварку і размовы ісці не магло.

Жылі не багата, але дружна. У маладой сям’і Пазд-няковых неўзабаве нарадзілася двое дзяцей — сын і дачка, а побач паставілі новую хату, якую купілі ў Сапрынавічах. Тамара напачатку працавала ў калгаснай брыгадзе, яе мужу, Івану Емельянавічу, даверылі больш лёгкую, але не меньш адказную работу кладаўшчыка.

— Жылі, працавалі, расцілі дзяцей, — расказвае Тамара Канстанцінаўна. — Я вельмі была і застаюся ўдзячна свайму мужу. Было нялегка, але ні аднаго папроку, або з’едлівага слова ад яго я не пачула. Ён з любоўю і павагай адносіўся да мяне, так вырасцілі і дзяцей. Бачачы маю працавітасць і адказнасць да даручанай справы, праўленне калгаса «1 Мая» прапанавала мне работу даяркай. Прыняла я групу кароў і амаль 20 гадоў аддала калгаснай жывёлагадоўлі.

Не ўсе цяпер ужо ведаюць, якім быў калгас «1 Мая». Паказчыкі, якіх ён дабіваўся на працягу свайго існавання, заўсёды былі лепшымі сярод раённых, на іх раўняліся і імкнуліся дасягнуць. А калгаснікі, якія тут працавалі, былі перадавікамі, многія ўзнагароджаны ўрадавымі ўзнагародамі.

Такога гонару не аднойчы ўдастойвалася і Тамара Канстанцінаўна Пазднякова. За час сваёй працы яна заваёўвала званне «Пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва», не аднойчы ўзнагароджвалася знакам «Ударнік пяцігодкі». Гэта была кагорта лепшых рабочых, калгаснікаў, кіруючых і інжэнерна-тэхнічных работнікаў, якія дабіваліся высокіх працоўных паказчыкаў ва ўсесаюзным спаборніцтве за выкананне і перавыкананне дзяржаўных планаў. Гэта былі тыя ўзнагароды, якія давалі права на прысваенне звання «Ветэран працы». Так што з поўным правам гэта пачэснае званне можна лічыць прысвоеным і Тамары Канстанцінаўне. А з асаблівай павагай яна захоўвае Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР ад 11 мая 1976 года за поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў пяцігодкі і прынятых сацыялістычных абавязацельстваў па вытворчасці і продажу сельгаспрадукцыі, якую ёй падпісалі Ф. А. Сурганаў і Л. П. Чагіна.

Былі ў Т. К. Паздняковай і іншыя моманты, якія яна не забудзе да канца сваіх дзён. Была яна ўдзельніцай Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, дзе свае дасягненні ў працы магла параўнаць з лепшымі дасягненнямі ў вялікай і магутнай краіне.

— Была я і ў санаторыях, дзе сустракалася з такімі працаўніцамі як і я, і людзьмі больш адказнымі і за-служанымі. Так што меркаваць аб пражытым, аб пабачаным і зрабіць пэўныя высновы я магу сама- стойна, — не без гонару заўважае Тамара Канстанцінаўна.

Да таго ж у яе хаце кожны дзень працуе каляровы тэлевізар, яе цяперашні агітатар і прапагандыст. Таму калі я загаварыў аб важных палітычных падзеях, то мая субяседніца адразу падхапіла гэту тэму размовы. Яна ўважліва сочыць за падзеямі сённяшняга дня і ўжо аддала свой подпіс ў падтрымку Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, як кандыдата ў Прэ-зідэнта Рэспублікі Беларусь на маючых адбыцца 11 кастрычніка выбарах.

— І пайду, і датэрмінова прагаласую за гэтага кандыдата. Не крыўлю душою, яшчэ не паспела азнаёміцца з праграмамі іншых кандыдатаў, але праграму, якую ўвесь час праводзіць на пасту Прэзідэнта А. Р. Лукашэнка, я ўсяцэла падтрымліваю, бо яна стопрацэнтна супадае з маімі імкненнямі і пажаданнямі, — гаворыць Тамара Канстанцінаўна.

І не магу не прывесці пару разважанняў, якія дапусціла мая суразмоўца. Няма ніводнага чалавека, якога пакідаюць без увагі падзеі ва Украіне. Увага Т. Паздняковай да іх скіравана таксама. Справа ў тым, што ў Кіеве жыве сям’я яе сына Уладзіміра. У гэтым горадзе ён доўгі час працаваў, мае трохпакаёвую кватэру. Пад Кіевам у яго ёсць дача. Цяпер сын знаходзіца на пенсіі. Але яго турботы і клопаты ўсяцэла валодаюць маці.

— Дача для сына, як дапаможная гаспадарка ў пасляваенны час была для мяне, — гаворыць Тамара Канстанцінаўна. — Але гарантаваная, строга ў тэрміны атрыманая пенсія — гэта ўсё ж галоўнае. Дык вось, заробленае сын не можа своечасова і ў поўным размеры атрымаць. А плацяжы за кватэру, за камунальныя выгоды таксама непамерна выраслі і працягваюць расці. Ды і здароў’е ў сыночка пагоршылася. Вось і вымушана я са сваёй пенсіі дапамагаць сыну і яго сям’і. Але ж я не вечная на гэтым свеце.

У гэтых словах пажылой жанчыны чуецца непры-крытая трывога. У нас жа, суседзяў, справы ідуць куды лепей, ды хоць бы тая пенсія, вось зноў адбылося яе павышэнне, а выплочваецца стабільна і ў тэрмін.

Тамара Канстанцінаўна зараз не трымае ў асабістай гаспадарцы жыўнасць, ды і агарод у яе займае толькі некалькі барознаў. Так, для ўцехі. Усё што ёй неабходна ў вёску прывозіць аўталаўка. Мясныя вырабы, хлеб і булачныя вырабы, малочныя прадукты, садавіну і гародніну пенсіянерка мае магчымасць набыць усё па свайму жаданню.

— Дык чым вы займаецеся? Хіба што песні спяваеце?

— А чаму б і не. Вось паслухайце.

І Тамара Канстанцінаўна заспявала:

— Нарядилась я сегодня
Красиво и ярко.
Поглядите на меня —
Бывшая доярка.
У студеном ручейке
Коника поила,
Двадцать годиков вручную
Коровок доила,
Хорошую пенсию
Себе заробила.

А потым заспявала больш сур’езна:

— В нашей речке Серебрянке
вода помутнела,
Украинская война
всем нам надоела.

І хацелі мы таго ці не, як наша размова зноў перайшла на тэму безсэнсоўнага процістаяння славянскіх народаў.

А. Сапёраў