• чч
  •   
  • сс
Главная / Новости

СТАРТ КАМПАНІІ ПА ЗБОРУ ПОДПІСАЎ ЗА ВЫЛУЧЭННЕ Ў КАНДЫДАТЫ КІРАЎНІКА ДЗЯРЖАВЫ

24.07.2015

У чацвер, 23 ліпеня 2015 года, у Мсціслаўскім раёне стартавала кампанія па збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы. Гэты этап прэзідэнцкай кампаніі будзе доўжыцца да 21 жніўня ўключна.

Раней Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў завяршыла рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта. Усяго было дапушчана да ўдзелу ў зборы подпісаў 8 ініцыятыўных груп: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна, Сяргея Гайдукевіча, Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча, Жаны Раманоўскай, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі.

— Для таго, каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў, — тлумачыць В. Дашкевіч, каардынатар па Мсціслаўскаму раёну ініцыятыўнай групы грамадзян па вылучэнні кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. — Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разоў за аднаго прэтэндэнта. Грамадзяне таксама павінны быць уважлівымі — правільна запаўняць падпісныя лісты.

Як адзначыў В. Дашкевіч, у падпісным лісце павінны быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі толькі аднаго горада абласнога падпарадкавання, раёна, а ў гарадах з раённым дзяленнем — аднаго раёна.

Член ініцыятыўнай групы павінен мець пасведчанне, выдадзенае Цэнтральнай камісіяй, і дакумент, які сведчыць асобу. Гэтыя дакументы прад’яўляюцца выбаршчыкам. Збор подпісаў можа праводзіцца падчас пікетаў. Да-звол на такі пікет не патрабуецца, калі ён арганізуецца ў месцы, не забароненым мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

Каардынатары ініцыятыўнай групы павінны здаць падпісныя лісты ў адпаведную тэрытарыяльную выбарчую камісію не пазней 21 жніўня 2015 года.

Г. ПАПОВА.